Школа сельскага бізнесу

У жыхароў 4 раёнаў з чэрвеня 2017 па красавік 2018 года была ўнікальная магчымасць прайсці навучанне асновам бізнес-планавання ў сваім рэгіёне. У Камарова працавала Школа сельскага бізнесу, дзе лепшыя трэнеры і спецыялісты розных абласцей дзяліліся з маладымі прадпрымальнікамі каштоўнымі ведамі.

У Школе сельскага бізнесу прайшлі навучанне 60 жыхароў Мядзельскага, Смаргонскага, Астравецкага і Пастаўскага раёнаў. Для залічэння неабходна было падаць заяўку анлайн і прайсці сумоўе.

Адукацыйная праграма складалася з 5 сесій:

-          “Прырода прадпрымальніцтва і асоба прадпрымальніка. Спецыфіка вядзення бізнесу на сельскіх тэрыторыях. Ідэі для развіцця сельскага бізнэсу”;

-          “Асновы бізнес-планавання: аналіз, мадэляванне, прагноз”;

-          “Планаванне вытворчасці і маркетынгу”;

-          “Менеджмент і фінансы для малога і сярэдняга бізнесу”;

-          “Прававое асяроддзе сельскага бізнесу. Сацыяльная адказнасць і сацыяльнае прадпрымальніцтва. Партнёрства. Экалагічныя стандарты”.

Навучанне будавалася на прынцыпах сацыяльнай адказнасці, экалагічнай дружалюбнасці, інклюзіі і гендэрнай роўнасці.

Праграма Школы сельскага бізнесу ўключала тэарэтычную частку з правядзеннем групавых семінараў і майстар-класаў па аналізе практычных прыкладаў (40% агульнай працоўнай нагрузкі) і практычную частку, арыентаваную на патрэбы і заснаваную на індывідуальнай працы з інструктарам і галіновымі экспертамі (60% агульнай працоўнай нагрузкі) . Акрамя таго, слухачы Школы маглі звярнуцца па кансультацыі праз інтэрнэт.

Сярод слухачоў Школы можна было сустрэць будаўнікоў, бібліятэкараў, маладых мам, настаўнікаў і прадстаўнікоў самых розных прафесій, якія вырашылі адкрыць уласную справу.

Навучанне ў Школе сельскага бізнесу для кожнай групы завяршалася правядзеннем Стартап Уікэнда, дзе слухачы абаранялі распрацаваныя бізнес-планы сваіх мясцовых ініцыятыў.

Выступы ацэньваліся журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі мясцовых уладаў, бізнесу, грамадскіх беларускіх, замежных і міжнародных арганізацый. Пераможцы атрымлівалі фінансавую падтрымку ў памеры ад 2 да 10 тысяч еўра ад праекту “Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і запуску бізнес-інкубатара”, фінансаванага Еўрапейскім саюзам і сафінансаванага Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў Мінску.

Усяго з верасня 2017 па ліпень 2018 было праведзена 5 Стартап Уікэндаў, прычым у апошнім маглі прыняць удзел і тыя, хто не праходзіў навучанне ў Школе сельскага бізнесу. Па выніках галасавання журы было абрана 25 бізнес-ініцыятыў, якія атрымалі фінансавую падтрымку на агульную суму 182 тысячы еўра.

Інфармацыя пра новыя адукацыйныя праграмы ВПУПП “БІКамарова” будзе публікавацца на нашым сайце. Сачыце за нашымі навінамі.